Via Maris

Via Maris (фіялетавы), Via Regia (чырвоны), і іншыя гандлёвыя шляхі Пярэдняй Азіі, 1300 год да н.э.

Via Maris (у перакладзе з латыні «прыморскі шлях», літар. «дарога моры»), у старажытным Егіпце — дарога Хора — сучасная назва старадаўняга гандлёвага шляху, аднаго з найстаражытных у гісторыі[1], які існаваў з часоў ранняга бронзавага веку, а магчыма, і раней. Ён злучаў Егіпет і больш паўночныя дзяржавы Сірыі, Анатоліі і Месапатаміі.

У Бібліі «прыморскі шлях» згадваецца ў Старым Запавеце (Зых. 9:1) і ў Новым Запавеце: «Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на дарозе прыморскай за Іарданам, Галілея язычніцкая» (Мф. 4:15) (у лацінскім перакладзе Новага Запавету, Вульгаце, гэта месца гучыць так: «terra Zabulon et terra Nephthalim via maris trans Iordanen Galilaeae gentium»).

Via Maris злучаў па сушы асноўныя міжземнаморскія партовыя гарады на працягу 5000 гадоў[2] з часу фараонаў і ранніх цывілізацый (філістымлян, фінікійцаў, хетаў, лідыйцаў), пазнейшых, грэчаскіх і рымскай імперыі, пры крыжаках, мамлюках і асманах. Іх сляды дагэтуль можна сустрэць на ўсім маршруце гандлёвага шляху: у паўночнаафрыканскіх пустынях, у кедравых лясах у Ліване, у сельскіх раёнах, а таксама ў гарадах, такіх, як Александрыя, Газа, дзе Via Maris перасякаў Дарогу спецый, Ашкелон, дзе Via Maris перасякаў Дарогу пахаў, Ашдод, Яфа-Тэль-Авіў, Ака, Цір, Сайда Бейрут, Біблас, Латакія і г.д. У Яфа Via Maris падзяляўся на дзве галіны. Усходняя ішла праз горад Афек і працягвалася праз Мегіда і Бейт-Шэан, перасякала Іардан і злучалася з Via Regia, а тая, у сваю чаргу, ішла ў Дамаск і далей на поўнач. Другая галіна ішла ўздоўж палесцінскага ўзбярэжжа на поўнач ад Яфа праз мясцовыя порты ў такіх гарадах, як Тэль-Міхаль, Міхмарэт, Кейсарыя, Дор, Атліт і Ака да фінікійскага ўзбярэжжа і на поўнач у Анатолію або на ўсход у Месапатамію. Via Maris служыла ў якасці аднаго з асноўных гандлёвых маршрутаў для тавараў з краін Афрыкі з Егіптам на поўначы, у той час як тавары з Анатоліі, Месапатаміі і ў Азіі ў цэлым накіроўваліся ў Егіпет. Яна выкарыстоўвалася ў якасці асноўнага маршруту для акупацыйных улад старажытных імперый: егіпецкіх войскаў, якія ўварваліся ў Азію ў другім тысячагоддзі да нашай эры, з аднаго боку, і месапатамскіх імперый: Асірыі, Вавілона і Персіі для заваявання Егіпта, з іншага боку.

Пазней, порты, размешчаныя ўздоўж Via Maris, падтрымлівалі інтэнсіўныя сувязі праз мора з портамі Еўропы ў Грэцыі, Італіі і Іспаніі на працягу многіх стагоддзяў.

  1. Via Maris By Avi Hein (англ.)
  2. Historical Routes In The Middle-East Архівавана 22 лютага 2010.

Developed by StudentB